+375(212) 37-94-76, 37-79-45    vitebsk.apk@gmail.com

Прафсаюзная акцыя “Зіма на ферме” у Шумілінскім раёне

Прафсаюзная акцыя “Зіма на ферме” у Шумілінскім раёне
Два гады таму па ініцыятыве Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і Міністэрства сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь у краіне стартавала акцыя “Зіма на ферме”. Яна мае на мэце не дапусціць парушэння правілаў аховы працы, пракантраляваць бытавыя ўмовы работы жывёлаводаў. Падчас акцыі прафсаюзныя лідары правялі некалькі рэйдаў і праверак на фермах.

У адной з самых аддаленых гаспадарак ААТ “Прыдзвінскі” на фермах Крывое Сяло-1 і Крывое Сяло-2 было чыста, кармушкі –  поўныя сенажу. “А дзе даяркам пагрэцца ў мароз?” – пытаюцца ў жывёлаводаў старшыня раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Васіль Юхнавец і старшыня прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова.  “Прайдзіце, пагрэйцеся”,  – запрасілі жанчыны ў пакоі адпачынку.

  На абедзвюх фермах грубкі былі напалены – пастараліся начныя вартаўнікі.

Жывёлаводы расказалі, што сёлета зіма ўвогуле, можна сказаць, мяккая. Толькі два-тры дні ноччу прыціскала за дваццаць градусаў. Але гэта не страшна для жывёлы, бо дзверы і вокны на фермах уцеплены.

  “Галоўнае ў халодныя дні – уцяпліць уваходныя вароты знізу, бо мароз перш-наперш “бяжыць па падлозе,” – кажуць работнікі фермаў Дабея і Непароты ААТ “Прыазёрны мір”. І мы ўбачылі такое ўцяпленне з сена і саломы на большасці наведаных фермаў раёна.

  Жывёлаводы фермы Мосарава расказалі, што сёлетняя зіма іх ніколькі не напужала. На ферме толькі адна праблема – у “малочнай” тонкія каналізацыйныя трубы, якія хутка забіваюцца. Ад недасканаласці і хібаў пры будаўніцтве церпяць вось ужо каторы год.

  Галоўнаму тэхнічнаму інспектару абкама АПК Міхаілу Лабко, які прымаў удзел у рэйдзе, асабліва спадабалася ферма Латкова ўнітарнага прадпрыемства “Лаўжанскае”: тут утульна, можна сказаць, па-дамашняму. Ферма маленькая і цёплая, усе вароты тут закрываюцца спецыяльнымі шторамі. Па словах загадчыцы Алены Чупрынскай, на кармы пакуль грашыць не прыходзіцца: і сілас даюць каровам, і сена, і канцэнтраты. Калектыў даярак падабраўся добры, усе стараюцца. Таму нават зімой не знізілі надоі – 8,4 кілаграма на карову.

  На ферме Латкова створаны ўсе ўмовы для адпачынку: ёсць пакой, дзе можна пагрэцца і папіць чаю, ёсць раздзявалкі. Вось толькі туды не перашкодзіла б набыць шафы для кожнага жывёлавода.

  Ферму Паратоўка УП “Шумілінскі райаграсэрвіс” прафсаюзныя лідары наведалі ўжо каторы раз у гэтым годзе. Прыемна адзначылі зрухі да лепшага: на цялятніку ўцеплены ўваходныя вароты, памяшканне “ўпрыгожылі” яловымі лапкамі. Ну, а цялят нарэшце пачалі выганяць на прагулкі на свежае паветра. Гэта і для здароўя жывёлы карысна, і мікраклімат у памяшканнях змяніўся, і гною стала менш. Больш таго, цялятніца Ірына Уробушкіна расказала нам: “Гэта зіма для жывёлы добрая. Камбікорму, кармасумесі для цялят – уволю. У мінулыя гады столькі корму жывёла не бачыла. Таму вялікі дзякуй нашаму кіраўніку Уладзіміру Сяргеевічу Яўсеенку за клопат. Думаю, з зімы жывёла выйдзе на пашу ўкормленай”.

  Падчас рэйду на наведаных фермах былі выяўлены толькі дробныя заўвагі, якія можна выправіць у рабочым парадку. Але расслабляцца не прыходзіцца, бо наперадзе яшчэ некалькі зімовых дзён і сакавік, на працягу якога таксама могуць быць вялікія маразы. 

Источник: газета «Герой працы»