У Шумілінскім раёне працаваў прававы інспектар працы Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Міхаіл Генадзьевіч Казлоўскі. Разам з ім і старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольгай Пусянковай прававы прыём прайшоў у сельгаспрадпрыемстве “Лаўжанскае” і ў забойным цэху “Вітконпрадукта”.
Прафсаюзнаму юрысту паступалі розныя пытанні наконт пераводу на іншую пасаду, сумяшчальнасці работы, працоўнага водпуску.
Так, у “Лаўжанскім” людзей цікавіла пастаноўка на ўлік тых, хто мае патрэбу ў жыллі. Міхаіл Генадзьевіч звярнуў увагу на тое, што жыллё камерцыйнага тыпу можа быць выдзелена ў парадку ўстаноўленай чаргі толькі тым, хто жыве ў непрыдатных умовах, гэта значыць, мае менш за 15 метраў квадратных на аднаго члена сям’і. Прычым, камерцыйнае жыллё выдзяляецца на час працоўных адносін. Гэта значыць, у выпадку звальнення чалавека з сельгасарганізацыі яго могуць папрасіць з’ехаць з кватэры.
Работнікі сельгаспрадпрыемства задавалі пытанні наконт парадку выплаты мінімальнай заработнай платы. Яна зараз складае 305 рублёў і павінна выплачвацца без уліку камандзіровачных, заробку ў начны і выхадны час, патлумачыў М. Г. Казлоўскі.
У забойным цэху “Вітконпрадукта” мясцовыя работнікі цікавіліся, у якіх выпадках чалавека могуць звольніць, калі ён працуе па кантракце. Гэта можа быць толькі ў выпадку парушэння працоўнай і выканаўчай дысцыплін, за невыкананне рабочых інструкцый, парушэнне распарадку дня, прагулы (адсутнасць на рабоце тры і больш гадзіны), патлумачыў М. Г. Казлоўскі. Таксама работніка могуць звольніць пасля дзвюх вымоў або заўваг, але пры гэтым абавязкова павінна быць растлумачана, з якімі іменна службовымі абавязкамі не справіўся чалавек. У любым выпадку кіраўніцтва прадпрыемства ці арганізацыі павінна за месяц папярэдзіць чалавека аб скасаванні кантракта.
Людзей цікавіла пытанне, ці абавязаны работнікам прадпрыемства выдаваць разліковыя лісткі на зарплату. “У абавязковым парадку, – патлумачыў Міхаіл Генадзьевіч. – Да гэтага заклікае артыкул 80 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Прычым, разліковыя лісткі павінны выдавацца перад выплатай заробку, а не пасля яго”.
Па матэрыялах газеты “Герой працы”.