+375(212) 37-94-76, 37-79-45    vitebsk.apk@gmail.com

Падрыхтоўку да пасяўной і ахову працы ў Шумілінскім раёне кантралюе прафсаюз

Падрыхтоўку да пасяўной і ахову працы ў Шумілінскім раёне кантралюе прафсаюз
У ходзе месячніка грамадскага кантролю па ахове працы, які доўжыцца да 15 красавіка, прафсаюзныя лідары праводзілі маніторынг падрыхтаванасці сельгаспрадпрыемстваў да вясенне-пасяўной кампаніі. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова пабывала ў некаторых сельгаспрадпрыемствах.

Гатоўнасць да пасяўной з пункту гледжання прафсаюза – гэта не столькі наяўнасць адрамантаванай тэхнікі, колькі стварэнне дастойных санітарна-бытавых умоў і бяспечная работа. І калі ў пачатку мінулага тыдня на палетках было яшчэ гразка, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў мелі час падумаць пра спецадзенне, пра сродкі індывідуальнай аховы для механізатараў, занятых на пратручванні. І многія з разуменнем аднесліся да гэтай праблемы. Так, у ААТ “Прыазёрны мір” механізатарам выдалі спецадзенне, на днях завязуць рукавіцы, расказаў дырэктар гаспадаркі Васіль Дзяцко. У гаспадарцы паклапаціліся, каб механізатары, якія будуць працаваць з ядахімікатамі, загадзя прайшлі медыцынскі агляд. На кожны трактар у гаспадарцы маецца аптэчка, будзе і па вогнетушыцелю (у пачатку мінулага тыдня яны былі здадзены на запраўку), запэўніў загадчык майстэрні Максім Пішчаленка.

Але вось у самой майстэрні не створаны належныя умовы для работы: няма электрычнасці (механізатары карыстаюцца электрагенератарам), не паклапаціліся і пра тое, каб устанавіць водаправодныя краны. Ваду прыходзіцца прывозіць у майстэрню ў бочцы.

Дарэчы, з гэтага года на палетках “Прыазёрнага міра”  падчас пасяўной будзе дзяжурыць уласная пажарная машына. Яна некалькі гадоў стаяла незапатрабаванай на тэрыторыі былога льнозавода. А цяпер вось механізатары талакой узяліся яе адрамантаваць.

У Доме механізатара мы ўбачылі адпаведную дакументацыю да вясенне-палявых работ: рабочы дзень у гаспадарцы з 2-га красавіка пачынаецца з сямі гадзін раніцы, сярод дакументаў па вясенняй сяўбе – тэхналагічная карта, дакументацыя па аплаце працы, план сяўбы, памятка па запаўненні пуцявых лістоў, інструктаж па тэхніцы бяспекі. Такія ж дакументы падрыхтаваны ці яшчэ рыхтуюцца ва ўсіх гаспадарках раёна.

Механізатары ААТ “Ляжні” расказалі, што спецадзеннем яны забяспечаны, а рукавіцы ўвогуле ім выдаюць штомесячна. Але так далёка не ў кожнай гаспадарцы. Напрыклад, у СФГ “Раднік” яшчэ толькі заказалі спецадзенне, яго на днях павінны прывезці. А вось у КУСГП “Мішневічы”, па словах механізатараў, спецадзенне не даюць, бо ў гаспадарцы няма грошай. Напэўна, па гэтай жа прычыне сельгаспрадпрыемства не заключыла дагавор на водазабеспячэнне з Полацкім водаканалам, бо калонку, што знаходзіцца непадалёк ад майстэрні, адключылі. І цяпер механізатары пітную ваду вымушаны прыносіць з дому.

У ААТ “АграБаравінка” падчас нашага прыезду кіпела работа. Тут механізатары фарбавалі дыскі  і “крылы” трактароў, падмяталі тэрыторыю, рамантавалі пасяўны агрэгат. Загадчык майстэрні Уладзімір Кірыловіч расказаў пра правядзенне інструктажаў, перадрэйсавы медагляд. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова нагадала, што самае галоўнае на любой рабоце – жыццё і здароўе людзей. Таму настойліва рэкамендавала працаваць толькі на спраўнай тэхніцы і спыняць работу трактароў і агрэгатаў, якія не адпавядаюць патрабаванням бяспекі.

Па матэрыялах газеты "Герой працы"