Графікам дзяржаўнага тэхнічнага агляду трактараў і прычэпаў да іх, пагрузчыкаў і іншых самаходных машын, якія павінны прымаць удзел у веснавых палявых работах, прадугледжвалася закончыць гэтую важную кампанію ў сельгаспрадпрыемствах Міёрскага раёна ў сакавіку.
Пачыналася яна ў ААТ “Туркова”, аднымі з апошніх выстраілі тэхніку на лінейцы гатоўнасці механізатары ААТ “Пад’ельцы”. І тут спачатку адбыўся інструктаж аб парадку правядзення тэхагляду, старшы дзяржаўтаінспектар ДАІ Аляксандр Савейка пракаменціраваў апошнія змяненні ў правілах дарожнага руху і адказаў на шматлікія пытанні. Потым пачалася практычная частка — праверка дакументаў, зверка нумарацыі тэхнікі.
З гэтай “папяровай” часткай агляду першым справіўся машыніст пагрузчыка “Амкадор” Міхаіл Крук, якому не цярпелася прыступіць да пагрузкі кармоў для статка. Тэхніка ў яго ўкамплектавана новай аптэчкай, вогнетушыцелем, знакам аварыйнага прыпынку. Дадаткова старшыня Міёрскага райкама прафсаюза работнікаў АПК Леанід Хахель пераканаўся ў спраўнасці асвятляльных і належнай рабоце сігнальных прыбораў, рулявога кіравання, тармазоў.
Потым такую працэдуру прайшоў на чырвоным энерганасычаным “Беларусу-3022” Мікалай Катовіч. Адзін за другім выходзілі да выстаўленай тэхнікі іншыя механізатары. Увогуле камісіі прадставілі 16 трактараў, сярод якіх тры энерганасычаныя, тры пагрузчыкі і пнеўмаход “Дзвіна”.
Як ацэньвае вынікі дзяржаўнага тэхнічнага агляду сельскагаспадарчай тэхнікі галоўны дзяржаўны інспектар райсельгасхарчу Уладзімір Яскевіч?
— У шэрагу сельгаспрадпрыемстваў па розных прычынах падрыхтоўка трактараў, прычэпаў да іх, пагрузчыкаў і іншых самаходных машын пачалася крыху пазней звычайнага, аднак праведзена яна больш арганізавана, чым летась, — падкрэсліў Уладзімір Канстанцінавіч. — У першую чаргу адзначу намаганні ў гэтым плане кіраўніцтва, інжынерных служб і механізатараў гаспадарак “Туркова”, “Цітова”, “Гвардзейскі”, “Пад’ельцы”, райаграсэрвісу, шэрагу іншых. У асноўным тэхніка гатова да выхаду ў поле, ёсць магчымасць правесці сяўбу арганізавана.
На балансе сельгасарганізацый Міёршчыны знаходзіцца 430 трактараў, у тым ліку 55 энерганасычаных, 148 прычэпаў да іх і 51 пагрузчык. На лінейку гатоўнасці выстаўлялі 405 трактараў ці 94% наяўных (энерганасычаных — 52), 140 прычэпаў і 46 пагрузчыкаў. Адразу дапушчаны да эксплуатацыі 233 трактары, а гэта 71% да прадстаўленых, 42 прычэпы — 30% і 20 пагрузчыкаў — 43%.
У сельгаспрадпрыемствах раёна не дапушчаны да эксплуатацыі па розных прычынах 170 трактараў. У тым ліку 15 энерганасычаных, 98 прычэпаў і 27 пагрузчыкаў. Але калі летась сяўба на Міёршчыне пачалася практычна з першых дзён красавіка, то сёлета палявыя работы разгорнуцца ў лепшым выпадку на тыдзень-другі пазней. Разлічваю, што гэты час плённа выкарыстаюць інжынерныя службы і механізатары, каб давесці тэхніку да ладу. Варта адзначыць, што сёлетні аб’ём спраў на палях у сувязі са змяненнямі структуры пасяўных плошчаў істотна павялічыўся.
Па матэрыялах газеты "Міёрскія навіны"