+375(212) 37-94-76, 37-79-45    vitebsk.apk@gmail.com

Суп у полі – самае тое!

Суп у полі – самае тое!
Райкам прафсаюза работнікаў АПК Полацкага раёна штогод садзейнічае сельгаспрадпрыемствам у правядзенні вясенне­палявых работ. Сёлета таксама адпаведна с прынятай пастановай райкам прафсаюза арганізаваў працоўнае спаборніцтва, па выніках якога перадавікі сяўбы атрымаюць Падзячныя лісты.

У полі зроку прафсаюза — забеспячэнне ўдзельнікаў веснавой сяўбы сродкамі індывідуальнай аховы, медыцынскімі аптэчкамі і гарачым харчаваннем. Менавіта абеды ў палявых умовах кантраляваў райкам прафсаюза АПК на мінулым тыдні.  

У панядзелак мы разам з лідарам райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандрам Дабраслаўскім завіталі ва ўрочышча Федаценкі сельгаспрадпрыемства «Зялёнка». У полі праца ішла шпарка. На плошчы 90 га механізатары сеялі авёс.

— Глеба пакуль яшчэ не зусім высахла, ёсць вымачкі, — расказвалі Аляксей Сінягоўскі, Валерый Пашкевіч, Віктар Завядзееў і Аляксандр Марчанка. Усе яны — працаўнікі вопытныя, удзельнічаюць у адказнай пасяўной кампаніі не першы год. Двое з іх накіраваны з Полацка — ад прадпрыемстваў-шэфаў — з ДЭУ-32 і ПМС.

Пакуль мы размаўлялі, са школьнай сталовай прывезлі абед. «Галоўнае, што супчык — гарачы!» — задаволена адзначалі працаўнікі і выбіралі зручнае, сухое месца на абочыне дарогі, кааб сесці паабедаць. У той дзень ім прывезлі суп на мясным булёне, грэцкую кашу з гуляшом ды чай. На свежым паветры апетыт у мужчын быў адменны. Яны ў полі з самай раніцы, апоўдні — самы час падсілкавацца. Пасля абеду кожны атрымаў яшчэ і падвячорак — сухі паёк, кааб працавалася весялей да позняга вечара.

У гэты ж дзень мы «праведалі» працаўнікоў сельгаспрадпрыемства «Палата». Адзіная ў гаспадарцы сеялка працавала ва ўрочышчы «Узніцы». Механізатары сеялі грэчку. «Палата» ў Полацкім раёне лічыцца мядовай сталіцай, таму культуры-меданосы тут сеюць пастаянна. На поле прыехала і дырэктар гаспадаркі Лідзія Батура.

Механізатары расказалі, што на палях паўсюль — вымачкі, але чакаць, кал іяны высахнуць, — часу няма.

— Абеды для працаўнікоў поля гатуе пенсіянерка Зінаіда Трапянок, — рассказала дырэктар гаспадаркі.  — Жанчына вельмі стараецца, стравы атрымліваюцца смачныя, дамашнія.

У той дзень на абед быў гарачы гарохавы суп, дранікі з мясам і чай.

— За некалькі дзён, пакуль сеем, мы ўжо прывыклі да смачнай гарачай ежы, — задаволена расказвалі Віктар Каваленка, Яўген Казлоў і Міхаіл Смыкаў. Ім пасля сытнага абеду працуецца значна весялей.

З сейбітамі на полі заўсёды побач і намеснік дырэктара па вытворчых пытаннях Уладзімір Батура. Веснавая сяўба тут вядзецца пад кантролем — каб захоўваліся тэхналагічныя нарматывы вырошчвання культур.

посевная.jpg

 Усе 14 сельгаспрадпрыемстваў Полацкага раёна і Полацкі ліцэй сельгасвытворчасці забяспечваюць працаўнікоў палёў  гарачымі абедамі.

Шэраг гаспадарак — філіял «Гараны-Агра», ААТ «Кушлікі», «П-С Карпекі», «Палата», «Полацк-мілк», «Вясна-энерга», «Астроўшчына», «Блізніца» і ліцэй сельгасвытворчасці  — гатуюць абеды ва ўласных сталовых. Некаторыя — для сваіх працаўнікоў і з суседніх гаспадарак. Таксама хлебаробаў забяспечваюць гарачым харчаваннем повары сталовых сельскіх школ і ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў».

 Па матэрыялах газеты “Полацкі веснік”