+375(212) 37-94-76, 37-79-45    vitebsk.apk@gmail.com

Раўняемся на перадавікоў

Раўняемся на перадавікоў
Па выніках спаборніцтва сярод аператараў па дарошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы аператар Наталля Дорц заняла трэцяе месца ў вобласці. Сярэднясутачная прывага ў яе групе склала 1020 грамаў.

Перамога гэта ў Наталлі Іванаўны за 22 гады работы ў жывёлагадоўлі не першая і, ведаючы руплівасць, адказнасць і прафесіяналізм гэтай жанчыны, думаецца, не апошняя.

Неаднаразовая пераможца і прызёрка як раённых, так і абласных спаборніцтваў у жыцці вельмі сціплая жанчына і дасягненні свае не лічыць чымсьці выключным, адметным, сцвярджае, што не ставіць перад сабой мэту перамагчы, вылучыцца – проста з дня ў дзень сумленна выконвае свае абавязкі. У групе Наталлі Іванаўны звычайна 70-75 цялятак ад двух- да трохмесячнага ўзросту. Бывала, што даглядаць прыходзілася малечу пачынаючы з двух тыдняў. Безумоўна, з ёй шмат клопату, і ніякай халатнасці тут не дапусціш: малыя ж дзеці. Варта дадаць, што практычна ўсе работы трэба выконваць уручную, а гэта да ўсяго яшчэ немалая фізічная нагрузка і большыя затраты часу. Жанчына прызнаецца, што за гады прызвычаілася, але ж хто б адмовіўся ад паляпшэння ўмоў працы? Тады і на яшчэ вышэйшыя вынікі можна было б разлічваць.

Павіншаваць Наталлю Дорц сабраўся ўвесь працоўны калектыў комплекса, а таксама намеснік дырэктара акцыянернага таварыства па сацыяльных пытаннях Ніна Гатоўка і галоўны эканаміст гаспадаркі, старшыня прафкама Лілія Апанасевіч. Падзяку за шматгадовую добрасумленную працу і высокія вытворчыя паказчыкі ад камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама і грашовую прэмію жывёлаводу ўручыла старшыня Докшыцкага раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Валянціна Рамановіч. Віноўніца ўрачыстасці, атрымаўшы ўзнагароду, адзначыла, што яе дастойны кожны з іх працавітага калектыву, у якім заўжды можна разлічваць на дапамогу і падтрымку. Віншуем пераможцу і спадзяёмся, што яшчэ не раз давядзецца наведаць МТК “Двор” з такой жа прыемнай місіяй.

Па матэрыялах газеты “Родныя вытокі”