+375(212) 37-94-76, 37-79-45    vitebsk.apk@gmail.com

Падзяка за працу

Падзяка за працу
У Пастаўскім раёне працягваецца акцыя “Наш жывёлавод”, аб’яўленая Беларускім прафсаюзам работнікаў аграпрамысловага комплексу на перыяд зімова-стойлавага ўтрымання статку.

На першым яе этапе падводзіліся вынікі  за лістапад — снежань. Работнікі ферм, якія дабіліся найвышэйшых паказчыкаў, былі адзначаны не толькі на раённым, але і на абласным і рэспубліканскім узроўнях. Дыпломы і грашовыя прэміі ўручалі старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Лабушаў і галіновага абласнога Віктар Гутараў. Па выніках другога этапа  (студзень — люты) такую прыемную місію напрыканцы мінулага тыдня і ў пачатку бягучага выконвалі першы намеснік начальніка райсельгасхарчу Эдуард Януковіч і  старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксей Філімонаў.

Ферма “Волахі” ААТ “Хацілы-агра”. Па выніках мінулага года  калектыў заняў другое месца ў раёне, а Ірына Пучыла — першае ў індывідуальным спаборніцтве. Бягучы найлепш распачала Вольга Жэйма. За першыя два месяцы яна надаіла ў сярэднім ад кожнай з 50 замацаваных кароў па 1298 кілаграмаў малака. Гэта найвышэйшы паказчык у раёне. Ёй і ўручылі Дыплом першай ступені і грашовую прэмію. “Абавязкова назавіце ў газеце нашу загадчыцу Алену Міхайлаўну Лаўрыновіч, — прасіла. —   Добры чалавек і талковы кіраўнік, заўсёды адчуваем яе падтрымку”.

Далейшы маршрут прадстаўнікоў раёна — на ферму “Мольдзевічы” ААТ “Ярэва-агра”. Прыехалі і дырэктар таварыства, галоўны заатэхнік, сабраўся калектыў. Віноўніца імправізаванай урачыстасці — Наталля Новікава —    прызнана пераможцай сярод жывёлаводаў чацвёртай групы гаспадарак, і адзначана Дыпломам райкама прафсаюза і  ўпраўлення сельскай гаспадаркі  і харчавання. У жывёлагадоўлі не навічок, але ў Мольдзевічах працуе ўсяго некалькі месяцаў. Яе сям’я пераехала ў  гаспадарку з Андрон, атрымала тут жыллё. Пасля ўручэння дыплома і грашовай прэміі прызналася: “Прыемна атрымаць такую адзнаку  на новым месцы работы. Буду старацца яшчэ больш”.

35 гадоў стажу ў жывёлагадоўлі ў Іны Тамко з сельгаспрадпрыемства “Ляхаўшчына-агра”. Вопыту, старання і настойлівасці жанчыне не пазычаць, таму і дабіваецца добрых паказчыкаў. Па выніках за студзень — люты атрымала самы высокі надой ад каровы сярод даярак гаспадарак, якія ўваходзяць у другую групу. На ляхаўшчынскай ферме ў бытавым пакоі сабраліся спецыялісты і радавыя працаўнікі, каб раздзяліць з узнагароджанай хвіліны радасці.

Эдуард Януковіч і Аляксей Філімонаў не толькі ўручылі дыпломы і грашовыя прэміі, але і шчыра пагутарылі са спецыялістамі і жывёлаводамі, расказалі пра развіццё галіны ў раёне, пацікавіліся наяўнасцю кармоў на фермах, арганізацыяй працы і яе ўмовамі.

 Источник: газета “Поставский край”