Сёння для прадпрыемства меліярацыйных сістэм склаліся не самыя лепшыя часы, аднак калектыў не пасуе перад цяжкасцямі, а выконвае і перавыконвае даведзеныя аб’ёмы работ, адзначыў на святочным сходзе з нагоды прафесійнага свята дырэктар Шумілінскага ПМС Аляксандр Вайцянкоў.
Ён агучыў суму, на якую выканалі работы за студзень-май – 210 тысяч рублёў, што на 11% больш, чым за адпаведны перыяд папярэдняга года, і з гордасцю адзначыў, што меліяратары спраўляюцца з планам і па ўкладцы дрэнажу, і па высечцы кустоўя, і па тэхнічным доглядзе каналаў. Больш таго, датэрмінова – у жніўні – мяркуюць давесці да ладу рэканструкцыю меліярацыйных сістэм “Лаўжанскае” і “Пушча”. Усе ўмовы для работы ёсць: добрая тэхніка, грошы, а галоўнае – працавітыя і сумленныя людзі.
Аляксандр Ягоравіч адзначыў, што шумілінскія меліяратары добра зарэкамендавалі сябе ў многіх раёнах і на многіх аб’ектах. Спадзяюцца выйграць тэндар на бульдозерна-экскаватарныя работы ў віцебскай “Будсферы”, Гарадоцкай птушкафабрыкі, а таксама на работу ў кар’еры Обальскага керамічнага завода.
Напрыканцы ўрачыстага сходу дырэктар прадпрыемства падзякаваў за добрую работу і цярпенне ўсяму калектыву. А лепшым працаўнікам уручыў узнагароды. Грамату ўнітарнага прадпрыемства па будаўніцтве і эксплуатацыі меліярацыйных і водагаспадарчых сістэм “Віцебскмеліявадгас” атрымаў машыніст экскаватара Рыгор Волкаў, граматы прадпрыемства – машыніст бульдозера Мікалай Барысаў, начальнік ПТА Валянціна Пацэвіч, механізатар Сяргей Сінкевіч.
Маладому спецыялісту інжынеру-гідратэхніку Алене Паўловіч старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова ўручыла Ганаровую грамату ад Віцебскага абласнога камітэта прафсаюза АПК. Алена заслужыла такую ўзнагароду сваёй стараннасцю і працавітасцю.
Па матэрыялах газеты “Герой працы”