Прафсаюзную арганізацыю сельгаспрадпрыемства “Лаўжанскае” Шумілінскага раёна амаль два гады ўзначальвае спецыяліст па кадрах Аксана Карага (на здымку). У райкаме прафсаюза работнікаў АПК адзначаюць, што жанчына з імпэтам узялася за прафсаюзную работу і лаўжанская прафсаюзная пярвічка – адна з лепшых сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна.
Галоўным дакументам, які абараняе інтарэсы сельскіх працаўнікоў, прадугледжвае для іх сацыяльныя льготы, з’яўляецца калектыўны дагавор. Асаблівая ўвага тут звяртаецца на пытанні тэхнікі бяспекі. І гэта зразумела, бо самае дарагое ў чалавека — жыццё і здароўе, і нельга дапусціць, каб ён страціў яго на вытворчасці. Таму пільны кантроль – умовам працы. Іх стараюцца зрабіць зручнымі і прыдатнымі. У гэтым годзе, напрыклад, адрамантавалі дыспетчарскую і Дом механізатара – там цяпер утульна, прыгожа і цёпла.
Немалаважна тое, што ў прафсаюз “Лаўжанскага” ўступілі ўсе 226 чалавек, што працуюць на прадпрыемстве.
“Наша прафсаюзная арганізацыя актыўная і ініцыятыўная, – кажа Аксана Карага. – Мы прымаем удзел у розных спаборніцтвах, любім падарожнічаць і ездзіць на канцэрты “Славянскага базару” ў Віцебск. Летась арганізавалі экскурсійную паездку ў Пскоў-Ізборск-Пячоры. Увогуле спартыўныя мерапрыемствы і экскурсіі аб’ядноўваюць наш калектыў. Сілу прафсаюза і клопат пра сябе нашы работнікі асабліва адчуваюць тады, калі дапамагаем матэрыяльна: выдзяляем грашовую дапамогу на юбілеі, вяселлі, прафесійнае свята. На 8 Сакавіка і Новы год наведваем усе падраздзяленні гаспадаркі з салодкімі падарункамі. Людзі задаволены, што аплачваецца праезд тым, хто вырашыў адпачыць у санаторыі. Калі едзеш у беларускія здраўніцы, то членам прафсаюза пуцёўка становіцца дзешавей на 25%. Сацыяльныя льготы існуюць і пры аздараўленні дзяцей членаў прафсаюза ў летні перыяд”.
Вялікую ўвагу прафсаюзная пярвічка ўдзяляе моладзі. У гаспадарцы працуе 59 чалавек да 31 года. Маладым спецыялістам, якія па накіраванні вышэйшых і сярэдніх вучэбных устаноў прыбылі на працу ў сельгаспрадпрыемства, выплачваюцца пад’ёмныя, па-за чаргой прадастаўляецца жыллё з усімі зручнасцямі, што немалаважна. Таму, відаць, яны і затрымліваюцца ў “Лаўжанскім”. З году ў год для работнікаў прадпрыемства ствараюцца ўсё новыя льготы. Сёлета, напрыклад, у інтаграцыйнай структуры вырашылі пайсці насустрач тым, хто працуе на пасяўной: абеды для іх будуць бясплатныя. Такі крок падтрымала і прафсаюзная арганізацыя. Але папярэдзілі загадзя: льготы толькі для рупліўцаў. Калі будуць парушэнні працоўнай дысцыпліны, за абеды прыйдзецца заплаціць.
Па матэрыялах газеты “Герой працы”