На працягу апошніх гадоў у журналістаў раёнкі і кіраўніцтва Глыбоцкай ПМК-меліявадгас замацавалася добрая традыцыя: напярэдадні прафесійнага свята – Дня меліяратара – наведвацца на вытворчыя аб’екты і сустракацца з лепшымі працаўнікамі мехкалоны. Такія сустрэчы, новыя знаёмствы з выдатнымі прафесіяналамі, майстрамі сваёй справы дораць прыемныя ўражанні.
На гэты раз з дырэктарам ПМК меліявадгас Аляксандрам Палідаўцом адправіліся на адзін з галоўных аб’ектаў пад назвай “Новае будаўніцтва “Канстанцінаў Двор”, што ў ваколіцах вёскі Квачы.
– Працуем тут са снежня 2024 года. Выконвалі ўвесь комплекс будаўнічых меліярацыйных работ на плошчы асобна ўзятага сектара і паэтапна здавалі землі ў карыстанне хлебаробам УП “Канстанцінаў Двор”. І вось у дні, што папярэднічаюць нашаму прафесійнаму святу, новы аб’ект агульнай плошчай 223 гектары поўнасцю ўведзены ў строй, – расказваў Аляксандр Расціслававіч. – Шчыра папрацаваў калектыў: укладзена 70 кіламетраў дрэнажу, выкарчавана драўнінна-хмызняковай расліннасці на плошчы 60 гектараў, пабудаваны меліярацыйныя каналы, трубапераезды. Штодзённа на аб’екце было задзейнічана не меней 10 адзінак тэхнікі: экскаватары, бульдозеры, тэхніка з дыскамі і плугамі, траншэекапальнік для ўкладкі дрэнажа і інш.
Вядзем таксама культуртэхнічную меліярацыю на аб’екце “Старнікі”, што на землях сельгаставарыства “Сельцы” агульнай плошчай 315 гектараў. Карчуем драўнінна-хмызняковую расліннасць, кладзем дрэнаж, робім прамыўку дрэнажу, ачышчаем меліярацыйныя каналы. У актыўным рэжыме вядзецца абкос меліярацыйных каналаў і займаемся зносам старых, аварыйных гаспадарчых збудаванняў на тэрыторыі некаторых сельгаспрадпрыемстваў. Ёсць яшчэ аб’ект і ў Пастаўскім раёне, дзе на параўнальна невялікай плошчы вядзем тэхдогляд і культуртэхнічную меліярацыю. Апрача ўсяго, займаемся знішчэннем баршчавіка, які прарастае на меліярацыйных каналах.
Большасць спецыялістаў і рабочых ПМК вызначае высокая адказнасць за даручаны ўчастак работы. Кожны працуе з пачуццём глыбокага усведамлення, што робіць вялікую справу для сельскагаспадарчай вытворчасці, працуе, каб былі нашы палі акуратнымі, роўнымі, хлебадайнымі. Найлепшых слоў падзякі за добрасумленную працу заслугоўваюць вадзіцелі Сяргей Кянько, Іван Іваноў, Расціслаў Палідавец і Іван Цвіклінскі. Выдатных вынікаў у працы дасягае машыніст бульдозера Віталій Конан, які сёлета занесены на раённую Дошку гонару. Дарэчы, у гэтым годзе і калектыў нашай мехкалоны ўдастоены гэтага высокага гонару. Высокая ацэнка абавязвае працаваць яшчэ з большай настойлівасцю і стараннем.
Радуе, што нашы маладыя калегі інжынер вытворча-тэхнічнага аддзела Анастасія Бартко, інжынер па ахове працы Сяргей Швед, інжынер па кадастру Алеся Палавінчыкава, майстар Анатоль Жабкін ужо смела заяўляюць пра сябе як прафесіяналы і актывісты ў грамадскім жыцці калектыву.
Маем клопат пра папаўненне калектыву маладымі рабочымі і спецыялістамі, а таму вядзем актыўную прафарыентацыйную работу.
У прыватнасці, цесна супрацоўнічаем з калектывамі Глыбоцкага дзяржаўнага каледжа і Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Па мэтавым накіраванні адзін чалавек вучыцца ў сельгасакадэміі і тры – у Глыбоцкім каледжы, навучэнцы якога пастаянна праходзяць у нас вытворчую практыку. Апякаем іх з тым разлікам, каб юнакам захацелася вярнуцца ў наш калектыў. Напрыклад, узяць Максіма Крывёнка. Праходзіў у мехкалоне практыку, атрымаў першае рабочае месца, а пасля тэрміновай вайсковай службы вярнуўся да нас.
Маладым меліяратарам Глыбоччыны ёсць на каго раўняцца і ў каго вучыцца. Прыклад вернасці роднаму калектыву, адданасці выбранаму прафесійнаму шляху паказвае машыніст экскаватара Аляксандр Рагацень. Працуе ў ПМК меліявадгас з 2009 года. У Лепельскім дзяржаўным каледжы меліярацыі атрымаў спецыяльнасць механіка.
– Пачынаў з азоў. Першыя два гады працаваў рабочым. А пасля прапанавалі эксакаватар. Згадзіўся. На здзіўленне самому, спадабалася кіраваць гэтай машынай. Зразумеў: гэта маё, – дзеліцца Аляксандр. – Першым быў у мяне калёсны экскаватар, пасля персеў на аднакаўшовы гусенічны. Цяпер вось – “Амкадор-ХС231”. Гэта новая шостая па ліку мадэль айчыннага экскаватара, якая зусім нядаўна сыйшла з вытворчага канвеера. Самыя розныя віды работ на ім можна выконваць: карчаваць, класці дрэнаж, ачышчаць каналы, рэчкі. Выдатны экскаватар, прыемна працаваць на ім. Хаця завадчанам яшчэ прыйдзецца пакарпець над яго удасканаленнем.
Прызнаюся, вельмі падабаецца роднае Глыбокае. Брат жыве ў Мінску. А я, чалавек заземлены, не змог бы ў мегаполісе. Толькі тут упэўнена сябе адчуваю. Маё прызванне – працаваць на зямлі малой радзімы.
У машыніста пагрузчыка “Амкадор-332” Сяргея Вербаловіча хоць і невялікі стаж работы ў ПМК меліявадгас, усяго тры гады, але ён, што называецца, душой прыкіпеў да калектыву, і пачэсная справа па навядзенні парадку на зямлі яму блізкая і знаёмая: каля двух дзясяткаў гадоў адпрацаваў у сельгаспрадпрыемстве.
– Пераехаў на пастаяннае месца жыхарства ў Глыбокае з Докшыцкага раёна, – гаворыць Сяргей Валер’евіч. – Даведаўся, што ў ПМК меліявадгас патрабуюцца механізатары. Прыйшоў і не шкадую. Калектыў выдатны. Усе дружныя, гатовы прыйсці адзін другому на дапамогу. Пераконваюся: пачуццё задавальнення ад вынікаў працы ў хлебароба і меліяратара аднолькавае. Прыемна акінуць вокам добраўпарадкаваныя палі, на якіх каласіцца збажына. Радуюся і ганаруся, што ў гэтым ёсць часцінка і нашай працы.