Ячмень ў ААТ «Камайскі-агра» займае 490 гектараў і радуе добрым ураджаем.
Каля Дварчан пасеяны ячмень сорту «буслік». За ім я назірала з мінулай восені. Было цікава сачыць за тым, як малюсенькія зялёныя парасткі прабіваліся з зямлі, як паступова набіраліся сіл. Для азімых пасеваў заўсёды сур’ёзным выпрабаваннем з’яўляецца зіма. У лютым галоўны аграном гаспадаркі Аксана Касякова ўзяла маналіты і запэўніла, што «буслік» перазімаваў добра. Сапраўды, вясной радавала вока густая зялёная рунь, даючы надзею на багаты ўраджай.
Асабліва прыгожымі пасевы сталі тады, калі наліты колас пачаў паступова паспяваць і прыгожа залаціцца пад гарачымі промнямі летняга сонца. І вось надышоў доўгачаканы час жніва. На бягучым тыдні камбайнеры ААТ «Камайскі-агра» Уладзімір Карыцька, Мікалай Махонь, Дзмітрый Чашун, Дзмітрый Дуброўскі, бацька і сын Яркоўскія распачалі ўборку збожжа. Далучыўся да агульнай справы і Анатолій Варанец, які сёлета камандзіраваны ў гаспадарку з Пастаўскага філіяла «Віцебскаблпаліва».
У сераду каля Дварчан працавалі Іван і Аляксей Яркоўскія. Я проста не магла не спыніцца, каб яшчэ раз палюбавацца гэтым залацістым ячменем і паназіраць за зладжанай работай экіпажаў. І бацька, і сын — на жніве сапраўдныя асы. Гэта відаць па тым, як акуратна яны вядуць камбайны, каб не страціць ніводнага зярнятка. Шматгадовы вопыт дазваляе ім працаваць з максімальнай эфектыўнасцю: кожны год яны намалочвалі па 1 000 і больш тон збожжа.
— Ураджай і сёлета вырас добры, каласы цяжкія, поўныя, — ахвотна дзяліліся думкамі камбайнеры падчас кароткага перапынку. — Галоўнае зараз — убраць усё своечасова і без страт. Каб толькі зноў не паўтарылася леташняе неспрыяльнае надвор’е, якое сапсавала планы!
На многіх участках поля і цяпер яшчэ вельмі мокра пасля мінулых ліўняў. У полі пастаянна дзяжурыць магутны трактар, гатовы ў любы момант прыйсці на дапамогу. На буксіроўку траціцца нямала каштоўнага часу, які на вагу золата.
— Рупімся і спяшаемся з усіх сіл, — дадаюць механізатары. — Бо сіноптыкі зноў прагназуюць дажджы. Трэба выкарыстоўваць кожную хвіліну, пакуль свеціць сонца.
Праца на зямлі ніколі не была лёгкай. Але менавіта дзякуючы такім адданым сваёй справе людзям ёсць надзея, што хлеб на стале будзе.
Анна Анішкевіч