Днямі ў раёне падведзены вынікі спаборніцтва на сяўбе азімых культур. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Васіль Васюковіч павіншаваў пераможцаў непасрэдна на іх рабочых месцах і ўручыў перадавым механізатарам дыпломы райкама прафсаюза работнікаў АПК і ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, а таксама падарункавыя сертыфікаты.
Алег Каранько.
За перамогу ў спаборніцтве, а таксама за добрасумленную працу, прафесіяналізм, якаснае і адказнае выкананне абавязкаў і высокія вытворчыя паказчыкі ўзнагароды атрымалі чатыры трактарысты-машыністы ў чатырох сельгаспрадпрыемствах. На сяўбе азімых культур не было роўных механізатару ААТ “Таргуны” Валерыю Стальмакову. Валерый Міхайлавіч час дарэмна не траціць: адсеяўся – і адразу ж узяўся за агляд і рамонт тэхнікі, якую лічыць сваім доўгам і “гонарам мундзіра” трымаць заўжды ў належным стане. Вопыт і прафесіяналізм, памножаныя на вялікую працавітасць, не маглі не даць такі вынік, адзначыў Васіль Васюковіч, віншуючы пераможцу.
На падрыхтоўцы глебы пад сяўбу вызначыўся яшчэ адзін вядомы ў раёне і за яго межамі механізатар – Аляксандр Рамашоў з ААТ “Барсучанка”. Да віншаванняў прафсаюзнага лідара далучыўся кіраўнік сельгаспрадпрыемства Сяргей Маскалёнак, які таксама сказаў шмат цёплых слоў у адрас Аляксандра Мікалаевіча і асабліва вылучыў такія яго рысы, як надзейнасць і адказнасць: сказаў, што зробіць, – будзе зроблена.
Андрэй Рудзько.
На ворыве першае месца падзялілі паміж сабой, калі можна так сказаць, два пакаленні. У ДП “АграСітцы” з перамогай віншавалі механізатара Алега Каранько. “Рады за нашага Часлававіча, – адзначыў дырэктар гаспадаркі Міхаіл Транчэўскі. – Без малога чатыры дзясяткі гадоў ён з адзіным запісам у працоўнай кніжцы у сельскай гаспадарцы, ніколі не шукаў даўжэйшага рубля, не здраджваў свайму сельгаспрадпрыемству і ўжо толькі за гэта варты вялікай павагі. Дык жа яшчэ і працуе на славу!”
Валерый Стальмакоў.
На тым жа ўзроўні, што і сітцаўскі руплівец, паказаў сябе трактарыст-машыніст ААТ “Бягомльскае” Андрэй Рудзько. Так, вопыту у маладога механізатара пакуль што не так багата, як у калегі з ДП “АграСітцы”, але ж ёсць малады запал, стараннасць і неабыякавасць да справы. У Андрэя гэта ўжо не першая перамога, і ёсць усе падставы меркаваць, што не апошняя.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.