
Ахова працы падчас нарыхтоўкі кармоў – адзін з важных аспектаў у рабоце, адзначылі падчас чарговага наведвання сельгаспрадпрыемстваў Шумілінскага раёна старшыня Віцебскай абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Таццяна Дзікавана і галоўны тэхнічны інспектар працы галіновага прафсаюза Яўген Зуй.
Прадстаўнікі абласнога камітэта наведалі УП «Шумілінскі райаграсэрвіс» і КУСГП «Сіроцінскі». Гаварылі пра бяспеку працы, важнасць своечасовага правядзення інструктажаў, укамплектаванасць медаптэчак. Яўген Зуй пры размове з механізатарамі падкрэсліў важнасць наяўнасці ахоўных агароджаў на карданных і раменных перадачах.
Асаблівая ўвага была ўдзелена бяспекі працы на трамбоўцы зялёнай масы. «Амкадоры», якія, як правіла, выкарыстоўваюць на трамбоўцы, абсталяваны каркасамі бяспекі, а вось на «Кіраўцы» іх трэба ўстанаўліваць дадаткова. У выпадку, калі сіласная маса перавышае барты тэхнікі, прадстаўнікі прафсаюза парэкамендавалі выкарыстоўваць вешкі, каб у механізатара была магчымасць арыентавацца пры заездзе на траншэю.
Падчас сустрэчы з механізатарамі пагаварылі пра тэхніку бяспекі пры рамонце, пра аптымальнае становішча шчытка кормаўборачнага камбайна пры заточванні ножыкаў, пра недапушчальнасць работы ў стане алкагольнага ап’янення. Праверылі ўкамплектаванасць медаптэчак, у КУПП «Шумiлiнскi райаграсэрвiс» дагледзелі, што быў пратэрмінаваны ёд.
«Ён танны, замяніць тэрмінова!» – раілі прафсаюзныя лідары. Кіраўніцтва гаспадаркі абяцала выправіць гэты недахоп у бліжэйшы час.
Старшыня Шумілінскага райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова раздала механізатарам мінеральную ваду – яна не перашкодзіць у кабіне трактароў падчас напружаных дзён корманарыхтоўкі.
Ларыса КІСЯЛЁВА.