+375(212) 37-94-76, 37-79-45    vitebsk.apk@gmail.com

Пераможца ў вобласці і рэспубліцы – з «Вежы»

Пераможца ў вобласці і рэспубліцы – з «Вежы»
Па выніках абласнога агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю грамадскага кантролю па ахове працы ў прафсаюзных арганізацыях аграпрамысловага комплексу першае месца – у прафсаюзнага грамадскага інспектара па ахове працы ААТ «Вежа» Мікалая Пятровіча Малашонка.

Больш таго, яго конкурсная работа была адпраўлена на рэспубліканскі этап. Згодна з пастановай Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Малашонак з Шуміліна прызнаны пераможцам галіновага агляду-конкурсу на лепшы грамадскі кантроль за захаванне заканадаўства аб ахове працы сярод прафсаюзных інспектараў па ахове працы.

Павіншаваць двойчы пераможцу – у вобласці і рэспубліцы – на ААТ «Вежа» прыехалі старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вячаслаў Емяльянаў і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова. Яны ўручылі пераможцу дыплом і прэмію, пажадалі далейшых поспехаў у рабоце.

Старшыня прафсаюзнай арганізацыі «Вежа» Юрый Афанасьеў адзначыў, што кантралёр Мікалай Малашонак працуе на прадпрыемстве трынаццаць гадоў, быў майстрам і інжынерам па ахове працы, таму добра ведае вытворчасць і яе асаблівасці. Як чалавека актыўнага, які ўмее знайсці падыход да людзей, яго і вылучылі амаль тры гады таму на пасаду грамадскага прафсаюзнага інспектара па ахове працы. Як бачна, не прагадалі.

 – У мае абавязкі як грамадскага інспектара працы ўваходзіць шмат работы, – кажа Мікалай Пятровіч. – Працую строга па плане. Правожу рэгулярны кантроль за замацаванымі аб’ектамі. Сачу за аварыйным станам дзвярэй, поручняў, лесвіц, за падсыпкай тэрыторыі вакол прадпрыемства падчас галалёду, кантралюю выкананне калегамі правілаў па бяспецы, правяраю інструкцыі па ахове працы, наяўнасць сродкаў індывідуальнай аховы падчас работы са шкоднымі хімічнымі рэчывамі.

Забеспячэнне спецадзеннем, стварэнне цывілізаваных умоў працы і сацыяльна-бытавых, выкананне вытворчай і працоўнай дысцыплін – таксама ў поле зроку прафсаюзнага грамадскага інспектара. Ён лічыць, што поспех у рабоце залежыць яшчэ і ад сацыяльнага партнёрства паміж наймальнікам і прафкамам. У гэтым сэнсе на «Вежы» поўнае паразуменне, узаемадзеянне і канструктыўны дыялог.

Мікалай Пятровіч праводзіць маніторынгі па выкананні нормаў заканадаўства па пытаннях рэжыму працоўнага часу і адпачынку, аховы працы жанчын, даплаты за шкодныя і цяжкія ўмовы працы. Гэтую і іншую работу асвяціў у дакументах, прадастаўленых на абласны конкурс, які рыхтаваў разам з Юрыем Афанасьевым. План работы, пратаколы пасяджэнняў прафсаюзнага камітэта па ахове працы, выяўленыя парушэнні і фотафакты аб іх выпраўленні – усё гэта было прадстаўлена строгаму журы. І конкурсная работа з Шуміліна аказалася лепшай. Больш таго, Мікалая Малашонка чакае падзяка і падарунак ад Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК.

Матэрыялы газеты «Герой працы»