+375(212) 37-94-76, 37-79-45    vitebsk.apk@gmail.com

Пасяўная кампанія ў Полацкім раёне

Пасяўная кампанія ў Полацкім раёне
На бягучым тыдні ход пасяўной кампаніі ў Полацкім раёне ацэньвала старшыня Віцебскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Ярома.

З кожным днём пасяўная кампанія-2021 у Полацкім раёне набірае тэмп.

             Араць – не ў дуду іграць.

            Пасяўная кампанія ў Полацкім раёне працягваецца. Сёлета вясна зацяжная, пасяўныя агрэгаты выехалі ў поле пазней, чым звычайна.

-        Затое мы паспелі тэхніку як след падрыхтаваць, зараз працаваць лягчэй, - зазначыў станоўчы ўплыў халоднага надвор’я на стан спраў на полі трактарыст гаспадаркі “Астроўшчына” Кіріл Нікіцін. Ён працуе на падвозцы збожжа ў пары з Аляксеем Шынкевічам – вопытным механізатарам, які на палях гэтай гаспадаркі шчыруе ўжо амаль 20 год. Сам Аляксей – невысокі, хударлявы, а ўмела кіруе вялікім “Кіраўцам”, кола якога вышэй за гэтага трактарыста. Мы пажартавалі на гэты конт, Аляксей не пакрыўдзіўся, а з усмешкай адзначыў: “Без мяне, маленькага, гэтая вялікая машына з месца не зрушыцца!”. Наша размова праходзіла на полі плошчай каля 100 га.

-   Тут працы на некалькі дзён, - аптымістычна, акінуўшы

позіркам прастору, адзначыў Аляксей Шынкевіч. – Было б надвор’е!  І, канешне, каб трактар з сеялкай не падвялі, і паліва было.

            Атрымалася як у казцы пра лёгкі хлеб. Каб зярняткі прараслі, столькі ўмоў патрэбна! А яшчэ трэба дадаць наяўнасць угнаенняў, захаванне тэхналогій і майстэрства трактарыста…

            З дырэктарам гаспадаркі “Астроўшчына” Аляксандрам Ярахновічам мы гаварылі пра тое, што будучы ўраджай залежыць ад таго, хто яго сее. Да прыкладу, Аляксею Шынкевічу ён цалкам давярае. Гэтым трактарыстам не трэба кіраваць, штосьці яму падказваць, падганяць, кантраляваць. На такіх хлебаробах, як Аляксей, трымаецца сельская гаспадарка не толькі нашага Полацкага раёна, але і ўсёй краіны.

            Сёлета ў ДП “Астроўшчына” з сельгаспрадпрыемстваў Полацкага раёна самы вялікі яравы клін: трэба пасеяць зерневыя і зернебабовыя на плошчы 545 га, з іх зернебабовыя – на плошчы 220 га. Штодзень трактарысты будуць нарошчваць тэмп працы. На перыяд пасяўной у гаспадарцы створаны загад павялічыць працоўны дзень, пачынаць працу ў полі з 6 гадзін раніцы.

            Прафсаюзны дзякуй.

            На бягучым тыдні ход пасяўной кампаніі ў нашым раёне ацэньвала старшыня Віцебскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Ярома. Яна разам са старшынёй Полацкага райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандрам Дабраслаўскім і намеснікам начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Полацкага райвыканкама Наталляй Крывец сустрэлася на полі з трактарыстамі гаспадарак “Палімір-агра” і “Астроўшчына”. Мэта яе прыезду ў Полацкі раён - правесці маніторынг арганізацыі сяўбы, захавання ўдзельнікамі пасяўной тэхнікі бяспекі, арганізацыі гарачага харчавання і сустрэча з хлебаробамі.

-        Полацкі раён – першы з раёнаў Віцебскай вобласці, які па ўласнай ініцыятыве я наведваю з мэтай падбадзёрыць удзельнікаў адказнай веснавой кампаніі, - адзначыла Таццяна Ярома.

Звяртаючыся да працаўнікоў палёў, яна шчыра дзякавала ім за працу, выказвала ўпэўненасць, што ва многім менавіта ад іх старання залежыць будучы ўраджай. Яна ўручыла дыпломы за добрасумленную працу і дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў  у час пасяўной і грашовыя прэміі трактарыстам УП “Палімір-Агра” Святаславу Мацышыну, Андрэю Мікалаеву і Аляксандру Туркову.

У ДП “Астроўшчына” Таццяна Ярома вяла гутарку з дырэктарам прадпрыемства, наведала ферму, якую нядаўна рэканструявалі. Дыпломы за добрасумленную працу і грашвыя прэміі з рук кіраўніка абласнога прафсаюза атрымалі трактарысты Аляксей Шынкевіч, Кірыл Нікіцін і аператар па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы Ала Іванова.

 

Газета “Полацки весник”