+375(212) 37-94-76, 37-79-45    vitebsk.apk@gmail.com

«Навагодні бум»

«Навагодні бум»
«Новы год – свята сямейнае. А на нашым прадпрыемстве адна вялікая дружная працоўная сям’я, і мы разам стараемся стварыць святочны настрой, – расказаў старшыня прафсаюзнай арганізацыі ТАА «Вежа» Юрый Афанасьеў.

«Новы год – свята сямейнае. А на нашым прадпрыемстве адна вялікая дружная працоўная сям’я, і мы разам стараемся стварыць святочны настрой, – расказаў старшыня прафсаюзнай арганізацыі ТАА «Вежа» Юрый Афанасьеў. – Напярэдадні Новага года мы правялі на прадпрыемстве  конкурсную праграму «Навагодні бум». Нашы работнікі ўпрыгожвалі  свае кабінеты, рабілі падзелкі сваімі рукамі. Атрымалася вельмі прыгожа».

І мы пабачылі гэту прыгажосць. Раздзявалкі, кабінеты, калідоры, лабараторыі былі навагоднімі, усюды адчуваўся святочны настрой. Першае месца ў конкурсе заняў жаночы калектыўзмены (усё ж жанчыны аказаліся рукадзельцамі з багатай фантазіяй), другое месца – у мужчын. Ад прафсаюзнай арганізацыі калектывы былі ўзнагароджаны дыпломамі і падарункамі. Калектыў жанчын атрымаў у падарунак вымяральнік артэрыяльнага ціску (і на рабоце трэба клапаціцца пра сваё здароўе!), мужчыны – набор гарбаты.

Былі вызначаны пераможцы і ў асобных намінацыях. Так, у намінацыі «Умелыя рукі» адзначана намеснік галоўнага бухгалтара Святлана Мацюшчанка, якая ўпрыгожыла вокны навагоднімі ўзорамі з паперы. Асабліва спадабалася журы работа «Навагодні домік», якую змайстравалі кантралёр харчовай прадукцыі Ала Каваленка і прыбіральшчыца Лілія Лаўрэнава. Домік, які ўвесь засыпаны снегам і з вокнаў якога бачны навагоднія агеньчыкі, зараз упрыгожвае калідор ля ўваходных дзвярэй прадпрыемства. У намінацыі «Творчы нумар – візітная картка» яшчэ раз адзначылі Лілію Лаўрэнаву, якая чытала вершы ўласнага сачынення пра Новы год. Усе намінанты атрымалі ў падарунак сертыфікаты ў «Востраў чысціні», якія загадзя набылі за прафсаюзныя грошы.

Работнікам «Вежы» спадабаўся творчы конкурс. Здаецца, нічога незвычайнага, а выдатны настрой зрабілі сабе самі. Ён яшчэ прыбавіўся пасля салодкіх падарункаў, якія ўручылі кожнаму ад прадпрыемства і прафсаюзнай арганізацыі.