+375(212) 37-94-76, 37-79-45    vitebsk.apk@gmail.com

На 29 красавiка хлебаробы «Гарадца» пасеялi зерневыя на плошчы 635 гектараў

На 29 красавiка хлебаробы «Гарадца» пасеялi зерневыя на плошчы 635 гектараў
У сельгаспрадпрыемстве “Гарадзец” сёлета запланавана пасеяць 1200 гектараў зерневых культур. Гэта адзін з найбольшых паказчыкаў па раёне. Ці змогуць хлебаробы гэтага сельгаспрадпрыемства рэалізаваць задуманае? Пра гэта мы і даведаліся на месцы.

Тэхніка камунальнага сельгаспрадпрыемства ў дзень нашага наведвання працавала на палетках каля вёскі Латышы. Побач знаходзілася вядучы спецыяліст па ідэалагічнай рабоце гаспадаркі Наталля Катушонак.

— Праца аграрыяў не бывае лёгкай, — кажа Наталля Віктараўна, — ад нас, працаўнікоў вёскі, залежаць харчовая бяспека, дастатак кожнага чалавека. Нездарма ў народзе кажуць, што хлеб — усяму галава. Аснову будучаму ўраджаю мы заклалі восенню. Пасеялі больш за 1300 гектараў азімых зерневых, 205 га рапсу, 50 га свірэпіцы. Спадзяёмся, што гэтыя культуры дадуць нядрэннынамалот пасля праведзенай падкормкі.

Сёлетняя вясна, на жаль, вельмі халодная, і гэта не дазваляе паскорыць тэмпы пасяўной кампаніі.

Другім адмоўным фактарам з’яўляецца недастатковая колькасць механізатараў. Тым не менш, мы стараемся весці палявыя работы так, каб укласціся ў аптымальныя агранамічныя тэрміны. Сёлета на плошчы 1880 гектараў трэба правесці веснавое ворыва. Таму асноўная частка механізатараў займаецца менавіта гэтым відам палявых работ. На ворыве нам дапамагалі трактарысты з ААТ “Княж”.

Усе механізатары з адказнасцю адносяцца да выканання сваёй работы. У ліку перадавікоў знаходзяцца трактарысты Юрый Урублеўскі і Артур Салькевіч, якія працуюць на энерганасычаных трактарах “Кіравец” К-744 у счэпе з культыватарамі. Разам з іншымі шчыруе на ворыве Аляксандр Каснікоўскі на сваім трактары “Беларус” МТЗ-1221. На ўнясенні ўдабрэнняў працуюць Ігар Хрол, Юрый Леановіч.

З 15-метровымі баронамі рыхтаваў глебу пад сяўбу аўсу перадавы механізатар Аляксандр Морхат. Сёлетняй вясной мужчына перасеў за руль трактара “Беларус” МТЗ-3522.

Наталля Катушонак разам са старшынёй прафсаюзнага камітэта гаспадаркі Наталляй Сідаровіч павіншавалі ў той дзень перадавых механізатараў, уручылі ім невялікія падарункі, пажадалі далейшай плённай працы.

Важным фактарам правядзення сяўбы з’яўляецца харчаванне работнікаў сельгаспрадпрыемства. Угэтым пытанні праблем няма. Спажыўныя, смачныя і свежыя абеды для іх гатуе повар мясцовай сталовай Ірына Бягун. Жанчына з нядаўняга часу працуе на гэтай пасадзе, але справу сваю ведае добра.

— Стараюся, каб кожны дзень былі розныя стравы ў меню, — кажа Ірына. — Напрыклад, сёння гатавала боршч, бульбяное пюрэ, кураціну, салат з капусты, гарбату. Абеды дастаўляюцца на палеткі ў спецыяльных тэрмасах, якія цалкам адпавядаюць санітарным патрабаванням. Некаторыя работнікі гаспадаркі прыходзяць харчавацца непасрэдна ў сталовую. Нараканняў на прыгатаваныя мною стравы няма, і гэта мяне радуе.

На 29 красавіка хлебаробы “Гарадца” пасеялі зерневыя на плошчы 635 гектараў, што складае 52,9 працэнта да плана. Мясцовыя аграрыі дбаюць пра будучы ўраджай, клапоцяцца пра гаспадарку.

Материалы газеты "Кліч Радзімы"