+375(212) 37-94-76, 37-79-45    vitebsk.apk@gmail.com

Мікалай арэ, Мікалай сее...

Мікалай арэ, Мікалай сее...
Вядома, што Віцебшчына - поўнач рэспублікі. А самы паўночны раён вобласці і адпаведна краіны – Гарадоцкі. Там пабываў карэспандэнт “Звязды”, каб зрабіць рэпартаж пра ход сяўбы у сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемстве “Паўночны”. Пагутарыў з механізатарамі: пачаткоўцам і адным з самых вопытных не толькі ў раёне. Абодва, дарэчы, Мікалаі. А старэйшы яшчэ і Мікалаевіч.

Першая вялікая сяўба

          Яшчэ адно супадзенне наконт імені было ў той дзень. Разам з  Таццянай Груганавай, старшынёй раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу прывёз на палі Мікалай Дубіна, намеснік кіраўніка гаспадаркі “Паўночны”.  

         Прафсаюзны лідэр ажыццяўляла маніторынг. Правярала наяўнасць спецвопраткі, аптэчак, ды, каб унутры не былі пратэрмінованымі лекі. Уручала тэксты пра правілы тэхнікі бяспекі. А яшчэ нагадвала механізатарам, што лепшых адзначаць і па лініі грамадскай арганізацыі.

Важна, каб у поле прывозілі гарачы абед. І гэта робіцца. Працаўнікі, дарэчы, аплачваюць толькі 20% ад цаны. На вячэру атрымліваюць сухі паёк.

        Першым аўтар гэтых радкоў пазнаёміўся з 23-гадовым Мікалаем Хадзюняй. Ля вёскі Марыямпаль ён займаўся ворывам пад зернебабовыя: гарох і авёс. Папрасіў адразу прабачэння за тое, што не зможа з намі доўга пагутарыць, бо працы шмат. Сказаў, што летась працаваў на падмене, а сёлета яго першая поўнакаштоўная самастойная сяўба.

         Ён мясцовы жыхар, патомны механізатар. Бацька яго хоць і на пенсіі, бывае, і цяпер дапамагае былым калегам. Да таго, як стаць кантрактнікам у войску, старэйшы брат Мікалая таксама працаваў  на трактары. 

         Хлопец вучыўся ў Гарадку ў школе, сельскагаспадарчым каледжы. У Полацкім раёне служыў у памежных войсках. Потым вярнуўся на малую Радзіму. Вырашыў працаваць механізатарам.

         На ўмовы працы не скардзіўся. Падкрэсліў, што тэхніка (“Беларус-3522”)  вельмі надзейная. А заробкі радуюць. Адказваючы на пытанні наконт грошай, сказаў, што ў “сезон”, як мовяць  вяскоўцы пра актыўны час сельскагаспадарчых прац, можна і больш чым дзве тысячы ў месяц зарабіць. Але дзеля гэтага трэба, “з кабіны не вылазіць”, працаваць да сёмага поту.

         Працоўны дзень маладога хлебароба распачынаецца хутка праз час, калі сонца ўстане, а заканчваецца а дзесятай гадзіне вечара. І так штодня. Наконт сям’і, сказаў, пакуль што халасты. Дзяўчына ёсць. Зайздросны жаніх!

Таццяна Груганава пажадала яму перамогі ў спаборніцтве для маладых механізатараў. Будзе рада ўручыць каштоўны падарунак.

                                              Ветэран можа даць фору...

        Мікалай  Чухно працаваў ля вёскі Ўрочышча. Ён сеяў зерневыя.

Ледзь угаварылі пагутарыць. Сказаў, што, ну вельмі заняты. Хто ж за яго працаваць будзе, калі інтэрв’ю даваць?

        Колькі дакладна ў палях, успомніць цяжка яму было. Усё працоўнае жыццё ў кабіне! Успомніў гады, калі столькі мог за дзень зямлі апрацаваць, што на ўзроўні стаханаўскіх рэкордаў.  Ніхто не здолеў яго паказчыкі тады паўтарыць.

         Ды і на сёння ён у добрай працоўнай форме, можа маладым фору даць. За змену да 20 гектараў апрацоўвае. На жаль, ціск скача, а так бы мог яшчэ больш плённа працаваць.

         Ён тутэйшы. З аграрнага гарадка Пальмінка. Таксама механізатар не ў першым пакаленні. Ганарыцца тэхнікай. Яго трактар, такі ж як ў маладога Мікалая, вытворчасці Мінскага трактарнага завода, адзін з самых лепшых і магутных у “лінейцы”  пад маркай “Беларус”. Тыя, хто ведаюць тэхнічныя нюансы, называюць адным з самых удалых у тэхнічным плане: магутны, надзейны. Унутры ў кабіне бартавы кап’ютар, які ўсё кантралюе: ад расходу паліва і абаротаў рухавіка да нават тэмпературы астуджальнай вадкасці...

Мікалай Мікалаевіч ганарыцца  памерамі і характарыстыкамі “жалезнага каня”, яго “эфектыўным сэрцам”.

         У сем раніцы ён ужо ў полі. А падымаецца каля пяці гадзін. Дома жыўнасці шмат, трэба пакарміць, пчол праведаць. Пра гэтых насякомых, прызнаўся, можа гаварыць суткамі.

        І вельмі ганарыцца сваёй сям’ёй. Жонка лабарантам на свінагадоучыкомплексе працуе.  Сын 33-гадовы Арцём у Магілёве жыве, ён майстар на дрэваапрацоўцы. У сына двое дзетак: Цімафею – год, Маргарыце – сем.

А малодшая дачка механізатара ў Віцебску на філолага вучыцца, ведае некалькі моў...

                                                Каментарыі ў тэму

Старшыня Гарадоцкага райвыканкама Пётр Карабач канстатаваў, што сёлета вясна, на жаль, спазнілася. Таму адпаведна пасяўная пачалася пазней. Так, край самы паўночны ў Беларусі, але аграрыі нядрэнна навучыліся працаваць у параўнальна складаных умовах. Людзей, тэхнікі, насення хапае, падкрэсліў суразмоўца.

        Усяго сяўбу правядуць у раёне на плошчы каля 13, 8 тысяч гектараў.  У палях працуюць больш чым 170 механізатараў...

        А ў цэлым у Прыдзвінскім краі, паводле слоў старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню Віцебскага аблвыканкама Сяргея Ягорава, усе неабходныя працы на сяўбе ажыццяўляюць на каля шасці тысячах трактарах і іншай тэхніцы. Па традыцыі там, дзе не хапае механізатараў, на падмогу камандзіруюцца вадзіцелі з гарадоў, раённых цэнтраў. Сёлета такіх памагатых – парадку 600. І яшчэ актыўныя ўдзельнікі сяўбы будучыя аграрыі, якія вучацца ў каледжах і ВНУ.

       Леташняй восенню пад сёлетні ўраджай пасеялі больш 210 тысяч гектараў збожжавых і 65 тысяч га крыжакветных. Падчас цяперашняй сельскагаспадарчай кампаніі  запланавана пасеяць 152 тысячы гектараў збожжавых і зернебабовых, 35 тысяч гектараў  рапсу, парадку 12 тысяч га лёну...

 

По материалам газеты “Городокский вестник”