На пачатку ўборачнай кампаніі Глыбоцкi райкам прафсаюза работнікаў АПК, па традыцыі, аб’явіў аб спаборніцтвах сярод экіпажаў камбайнераў, якія першымі ў раёне намалоцяць 800 тон зерня. Ужо з першых дзён жніва ў спаборніцтве вызначыліся лідары – механізатары сельгаспрадпрыемстваў “За Радзіму”, “Мярэцкія” і “Мнюта”. А ў панядзелак раніцай, 10 жніўня, стала вядома прозвішча пераможцы, дакладней, пераможцаў.
Гэта экіпаж камбайнераў УП “За Радзіму” – Сяргей Сямашка і Дзмітрый Саколка. Другім лаўрэтам прафсаюзнай прэміі стаў экіпаж з гэтай жа гаспадаркі ў складзе Міхаіла Кушнярэвіча і Андрэя Бурэня. З розніцаў усяго ў некалькі гадзін па 800 тон зерня намалацілі камбайнеры УП “Мярэцкія” Аляксандр Арэхаў і УП “Мнюта” Алег Шынкевіч.
Трэба дадаць, што ўжо на наступны дзень стала вядома, што экіпажы камбайнераў УП “За Радзіму” Сяргей Сямашка і Дзмітрый Саколка і Міхаіл Кушнярэвіч і Андрэй Бурэнь першымі ў раёне пераадолелі тысячны рубеж па намалоце збожжа.
Павіншаваць хлебаробаў з выдатнымі вынікамі, прама на поле прыехалі старшыня райвыканкама Аляксандр Шубскі, прафсаюзны лідар раёна Вера Цяліца і лідар прафсаюза аграрыяў Наталля Зяновіч.
–Дзякуй вам за вернасць выбранай прафесіі, за адказныя адносіны да працы, за тое, што паказваеце добры прыклад моладому пакаленню механізатараў. Ведаю, што вы кожны год у лідарах. Не страчвайце гэтых пазіцый. Жадаю вам найперш здароўя, а яшчэ – з важкімі намалотамі, без паломак дайсці да фінішу сёлетняга жніва, каб годна прадставіць Глыбоччыну на “Дажынках” у Віцебску, – адзначыў старшыня райвыканкама Аляксандр Шубскі.
Усе перадавыя камбайнеры атрымалі падзякі ад упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама і райкама прафсаюза работнікаў АПК, грашовыя прэміі ад прафсаюза. Цёплыя словы сказала механізатарам старашыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Наталля Зяновіч. Без увагі не засталіся таксама кіраўнік і галоўны аграном сельгаспрадпрыемства “За Радзіму”, у якім камбайнеры першымі ў раёне намалацілі тысячу тон. Тадэўш Зяновіч і Уладзімір Пачкоўскі таксама атрымалі невялікія падарункі ад прафсаюза.
"Веснік Глыбоччыны"