+375(212) 37-94-76, 37-79-45    vitebsk.apk@gmail.com

Гонар раёна і вобласці

Гонар раёна і вобласці
Механізатары малочнага завода Андрэй Сакалоў і Васілій Чабуранаў у ліку лідараў вобласці па намалотах зерня.

Першы экіпаж камбайнераў-тысячнікаў на Віцебшчыне з’явіўся на мінулым тыдні ў Лепельскім раёне. А ў сераду на часткова зжатым полі аўсу каля Драбышоў ушаноўвалі Андрэя Сакалова і Васілія Чабуранава, якія таксама намалацілі па тысячы тон збожжа. Павіншаваць іх з перамогай прыехалі старшыні рэспубліканскага і абласнога камітэтаў Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васілій Хвацік і Таццяна Ярома, старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік, прадстаўнікі малочнага завода на чале з дырэктарам Канстанцінам Гайлеўскім.

— Віцебшчына — паўночны рэгіён краіны, — гаварыў Васілій Хвацік. — Тут пазней за іншыя пачынаюць палявыя работы. Апошнімі прыступілі і да ўборкі зерневых і зернебабовых. Але ўжо ёсць першыя тысячнікі. Значыць, добры вырас ураджай, людзі рупяцца і дабіваюцца высокіх намалотаў. Упэўнены, наперадзе — новыя рэкорды.

Андрэй на камбайне 21-ы сезон. Пачынаў на «Доне», вопыт прыйшоў на «Мезе». Потым быў КЗС-12. Першы New Holland, які тры гады таму набыў малочны завод, даверылі Сакалову, другі — Чабуранаву. І яны апраўдваюць давер — у ліку першых тысячнікаў былі і летась, і сёлета.

— Камбайн сучасны, не ідзе ні ў якое параўнанне з тымі, на якіх працавалі раней, — расказвалі механізатары. — New Holland насычаны электронікай. Пад рукой камп’ютар, які кантралюе ўсе працэсы і выводзіць інфармацыю на манітор: колькі праехаў кіламетраў, зжаў гектараў, намалаціў тон, зрасходаваў паліва, якая ўраджайнасць на канкрэтным участку. Жняярка — 11,5 метра.

— Тэхніка класная, — гаварыў дырэктар малочнага завода Канстанцін Гайлеўскі. — Але не ўсё яна вырашае. Галоўнае — старанне Андрэя і Васілія, ураджайнасць палёў. У аграпрамысловае аб’яднанне ўваходзяць пяць гаспадарак, але сучасныя камбайны пакуль што задзейнічаны толькі на камайскіх палях, дзе кожны гектар дае ў сярэднім больш чым 37 цэнтнераў. А ўбраць тут трэба амаль 4 тысячы гектараў.

— Мне вельмі прыемна, што на Пастаўшчыне з’явіліся першыя тысячнікі, — гаварыў старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік. — Сваімі дасягненнямі яны праслаўляюць наш край. Раён на другім месцы ў вобласці па тэмпах уборкі і на трэцім — па ўраджайнасці. За лічбамі — мэтанакіраваная работа кіраўнікоў, спецыялістаў, механізатараў. Калі паспрыяе надвор’е, сёлета разлічваем на важкі каравай.

Героі жніва атрымалі Ганаровыя граматы, грашовыя прэміі, букеты кветак, каштоўныя падарункі ад прафсаюза і музычныя — ад удзельнікаў мастацкай самадзейнасці Камайскага сельскага Дома культуры.

— Абодва механізатары — наш гонар, — гаварыла старшыня прафкама малочнага завода Наталля Грынько. — У сям’і Андрэя шасцёра дзяцей. Малодшы, Саша, пойдзе ў восьмы клас. Канікулы праводзіць не за камп’ютарнымі гульнямі, а з бацькам, які выхоўвае сына сваім прыкладам. Хлопец цікавіцца тэхнікай, гатовы ва ўсім дапама­гаць. У Васілія, які ў рабоце раўняецца на старэйшага калегу, трое дзяцей.

— Ваша праца складаная, — падсумавала старшыня абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Таццяна Ярома. — Уяўляю, як няпроста трымаць марку. Перамагаць хочацца ўсім, а поспеху дасягаюць толькі самыя вынослівыя і мэтанакіраваныя. Мы верым у ваша майстэрства. Так трымаць!

«Пастаўскi край»